Ноч у музеі «Бягомльскія авіялініі»

Ужо трэці год запар для жыхароў і гасцей Бягомля рыхтуецца праграма, прымеркаваная да Міжнароднага дня музеяў. У суботу 18 мая ў Бягомльскім музеі народнай славы прайшло чарговае музейнае свята “Бягомльскія авіялініі: па краінах і кантынентах”.

Наведвальнікаў-адпачываючых сустракалі сцюардэсы і запрашалі здейсніць падарожжа па цікавых і нечаканых мясцінах. Паспрабаваць шчасце турысты маглі падчас паездкі ў “Краіну шанцавання”, дзе была падрыхтавана бяспройгрышная латарэя.

Магчымасцю спакойна адпачыць, дакрануцца да прыгожага і ўзбагаціцца духоўна вабіла “Краіна кветак”. Пад такой назвай у рамках музейнага свята праходзіла выстава народнага клуба аматараў фларыстыкі “Анюта” з горада Віцебска. Аб’яднаныя сваёй любоўю да кветак, хараством свету, удзельніцы клуба даюць новае жыццё пялёсткам і лісточкам, якія мы часта не заўважаем. Таленавітыя, адораныя майстрыхі ў сааўтарстве з прыродай стварылі незабыўныя творы, якія пад гукі класічнай музыкі даравалі гасцям свята сапраўднае задавальненне і невымоўныя эмоцыі.

Аматары актыўнага адпачынку выбіралі для сябе “Краіну вандровак”, якая праз выставу фотаздымкаў знаёміла з тым, як вабяць свой вольны час жыхары Бягомля, у якіх краінах яны пабывалі. За фотаздымак, які спадабаўся, можна было прагаласаваць. Пераможцу чакаў цэнны падарунак.

Сапраўднае раздолле было для дзяцей, якія перанесліся “У госці да казкі”, гулялі з сапраўднымі каралеўнамі, вудзілі чароўную рыбу і спрабавалі салодкую вату.

На сцэне праходзіла шоу-праграма, падрыхтаваная мясцовымі артыстамі, ізюмінкай канцэрту стала выступленне настаўнікаў Домжарыцкай музыкальнай школы, якія праспявалі любімыя і выдомыя песні.

Завяршылася свята віктарынай на веданне геаграфіі і краін свету, дзе падарункам стала кніга, якая раскрые старонкі гісторыі свайго роднага краю, а таксама ўручэннем прызоў пераможцам латарэі па ўваходных білетах і конкурсу фотаздымкаў.

739